Са Святам, халасцякі! 😜 І ЧАМУ Я ХАЛАСЦЯК? Колькі мне? Пад сорак маю. Як працуецца? Сяк-так... Ды сяджу вось, разважаю: І чаму я халасцяк? Ростам – быццам ладнаваты. Нос – у меру. Рот – як рот. Дык чаму ж даюць дзяўчаты Ад варот мне паварот? Стася?.. Ёй прызнаўся прама. Стасю моцна я любіў... Нават помню, дзвесце грамаў Ёй «падушачак» купіў. Быў і дома я ў каханкі. Выпіў гляк і з’еў кумпяк. Правяла мяне да ганка... І чаму я халасцяк? А яшчэ заваражыла... Помню – во! – было дзяўчо. Нат аднойчы палажыла Мне галоўку на плячо. Ёй кажу пяшчотна гэтак: «Слухай, ты ж не бервяно?!» А яна – купі ёй кветак, Намякае на кіно. На дармоўку, бач ты, цэліць. Я ёй тут без лішніх фраз: «Адгуляем перш вяселле, А тады ўжо іншы сказ...» А яна і адказала: «Перш на горцы свісне рак...» От дык ліха, от навала! І чаму я халасцяк? Хлопец з выгляду я – класны, І наконт глуздоў – не ўрод. Да дзяўчат я маю ўласны, Свой, культурны падыход. Падтрымаць умею марку, Памятаю, шасцярым, Пазнаёміўшыся ў парку, Карткі з надпісам дарыў. Трэба ж, гэтулькі адразу Раніў сэрцаў – любата!.. І... ніводная адказу. Ат, вядома, – цемната! Я сяджу цяпер, бядую, Разважаю, небарак, Ды ніяк тут не дайду я: І чаму я халасцяк? Вось куплю пінжак у клетку І з заклёпкамі штаны, Безразмерныя шкарпэткі І берэцік шыкаўны, На плячо павешу «ФЭДа», У кішэні – «рок-н-рол»... Пабягуць дзяўчаты следам – Буду крочыць, як арол! Паміж намі, толькі свата Па сабе цяпер знайду, Сцеражыцеся, дзяўчаты, – У сваты да вас прыйду! Генадзь Кляўко 1971

Теги других блогов: поэзия Генадзь Кляўко халасцяк